МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,
прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.Б.Дзюма і Э.Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.
Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.
т. 10, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)